+375 29 606-10-34 info@nabyvaj.by

8 верасня ў памяшканні сядзібы Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны адбылася прэзентацыя даследавання стану беларускай мовы на спажывецкім рынку. З поўным тэкстам даследавання можна азнаёміцца ніжэй.

Апісанне сітуацыі

Галоўным нарматыўным прававым актам, які рэгулюе развіццё і ўжыванне беларускай мовы на тэрыторыі краіны ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, а таксама прадугледжвае гарантыі аховы канстытуцыйных правоў грамадзян у гэтай сферы, з’яўляецца Закон ад 26.01.1990 г. №3094-XI “Аб мовах у Рэспублiцы Беларусь” (у рэд. ад 03.01.2013 г.).

Акрамя беларускай мовы, Закон “Аб мовах” рэгулюе выкарыстанне рускай і іншых моваў, якімі карыстаецца насельніцтва Беларусі. Закон “Аб мовах” мае важнае значэнне, паколькі вызначае механізм рэалізацыі грамадзянамі палажэнняў арт. 17 Канстытуцыі Беларусі аб прызнанні дзяржаўнымі мовамі беларускай і рускай моваў.

У Канстытуцыі Беларусі вядзецца гаворка пра “дзяржаўную мову”. Яшчэ ў 1953 г. эксперты ЮНЭСКА прапанавалі размяжоўваць паняцці “дзяржаўная мова” (national language) і “афіцыйная мова” (official language). Дзяржаўная мова – мова, якая выконвае інтэграцыйную функцыю ў рамках дадзенай дзяржавы ў палітычнай, сацыяльнай і культурнай сферах і выступае ў якасці сімвала дзяржавы. Паняцце “дзяржаўнай мовы” звязана з мэтанакіраванай, усвядомленай моўнай палітыкай дзяржавы, з распрацоўкай прававых нормаў у галіне моўных зносінаў. Афіцыйная ж мова – гэта мова дзяржаўнага кіравання, заканадаўства, судаводства і справаводства. Такім чынам, паняцце “дзяржаўная мова” больш шырокае, чым “афіцыйная мова”. З аналізу тэксту закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” можна зрабіць выснову, што ў Беларусі мовы афіцыйныя супадаюць з дзяржаўнымі.

У першапачатковай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі (1994 г.) у арт. 17 было замацавана, што “дзяржаўнай мовай Беларусі з’яўляецца беларуская мова. Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін”.

Аднак пасля прыняцця 24 лістапада 1996 г. на рэспубліканскім рэферэндуме змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю дадзеная норма была змененая. Рускай мове нароўні з беларускай мовай быў нададзены статус дзяржаўнай мовы.

У сённяшні час існуе адмоўная тэндэнцыя — у беларусаў істотна абмежаваныя магчымасці карыстацца беларускай мовай па прычыне таго, што ў заканадаўстве няма механізму рэалізацыі дзяржаўнага дзвюхмоўя, не прапісаны дасканалы парадак выкарыстання ў той ці іншай сітуацыі беларускай або рускай мовы. Праз гэта ў дзяржаўнай моўнай палітыцы назіраецца адназначны перакос у бок надання прыярытэтнага статусу рускай мове, у той час як правы беларускамоўных беларусаў ігнаруюцца.

Вынікам такой палітыкі стала тое, што калі па дадзеных перапісу 1999 г., 73,6 % грамадзян Беларусі назвалі беларускую мову роднай, то перапіс насельніцтва ў 2009 г. паказаў: беларускую мову лічыць роднай ужо толькі 60%. Штодня размаўляе па-беларуску толькі палова з іх – 30% ад усяго насельніцтва краіны, то бок асноўнай мовай жыхароў Беларусі праз недасканаласць заканадаўства і дзяржаўнай моўнай палітыкі з’яўляецца руская мова. За мінулыя гады сітуацыя толькі пагоршылася, і беларуская мова ў 2010 г. была унесена ЮНЭСКА ў Атлас моваў свету (UNESCO’s Atlas of the World’s Languages in Danger), якім пагражае знікненне.

Далей прыводзяцца недахопы і неабходныя змены прававога рэгулявання.

  • Неадпаведнасць фармулёвак Закона “Аб мовах” артыкулу 17 Канстытуцыі Беларусі

Дзейны Закон “Аб мовах” патрабуе далейшага ўдасканалення і дэталізацыі, мэтай якой з’яўляецца неабходнасць заканадаўча акрэсліць прававое поле ўжытку беларускай і рускай моваў.

Арт. 7, 8, 10 (ч.2), 11, 19, 20, 21 (ч. 1), 22 (ч.1), 23, 24, 26, 27, 29, 31 Закона “Аб мовах” пры вызначэнні якая мова ўжываецца ў тым ці іншым выпадку, прымяняюць канструкцыю “і (або)”, а артыкулы 5, 9, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 22 (ч.4), 25, 28, 30, 32 (ч.3) – толькі “або”.

Прымяненне такой канструкцыі не адпавядае арт. 17 Канстытуцыі, дзе вызначана, што “дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі з’яўляюцца беларуская і руская мовы”.

Агулам паміж найменнямі дзяржаўных моваў 23 разы стаіць спалучэнне “і (або)”, 15 разоў – злучнік “або” і 2 разы – злучнік “ці”.

Толькі 6 разоў паміж дзяржаўнымі мовамі стаіць злучнік “і”. Канструкцыя “і”, якая ў поўнай меры адпавядае Канстытуцыі, ужываецца толькі ў арт. 4, 10 (ч.1), 21 (ч.3), 32 (ч.1,2) Закона “Аб мовах”:

  1. арт. 4: Кiраўнiкi, iншыя работнiкi дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый павiнны валодаць беларускай i рускай мовамi ў аб’ёме, неабходным для выканання iмi сваiх службовых абавязкаў;
  2. ч. 1 арт. 10: Пашпарт грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь i службовы пашпарт грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь выконваюцца на беларускай, рускай i iншай мовах;
  3. ч. 1 арт. 10: Дакументы аб адукацыi, пасведчаннi аб рэгiстрацыi актаў грамадзянскага стану выконваюцца на беларускай i рускай мовах;
  4. ч. 3 арт 21: Кiраўнiкi i педагагiчныя работнiкi сiстэмы адукацыi павiнны валодаць беларускай i рускай мовамi;
  5. ч. 1 арт. 32: У Рэспублiцы Беларусь тапонiмы (найменнi населеных пунктаў, адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак, вулiц, плошчаў, рэк i г.д.) даюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслiтарацыi перадаюцца на рускую мову;
  6. ч. 2 арт. 32: Найменнi геаграфiчных аб’ектаў, якiя знаходзяцца па-за межамi Рэспублiкi Беларусь (акрамя геаграфiчных аб’ектаў, адкрытых беларускiмi даследчыкамi), перадаюцца з iншых моваў на беларускую i рускую мовы ў адпаведнасцi з традыцыяй iх напiсання на мове арыгiнала, а змененыя або новыя – у транслiтарацыi з мовы арыгiнала.

Прыярытэт беларускай мове ў адпаведнасці з Законам “Аб мовах” надаецца толькі паводле ч. 1 арт. 32: У Рэспублiцы Беларусь тапонiмы (найменнi населеных пунктаў, адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак, вулiц, плошчаў, рэк i г.д.) даюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслiтарацыi перадаюцца на рускую мову.

Рэкамендацыя:

Унесці змены ў Закон “Аб мовах” з мэтай адпаведнасці фармулёвак Закона Канстытуцыі па агульным правіле “на беларускай і рускай мове”.

 

  • Неабавязковасць на ўзроўні закона нормаў беларускай мовы і адсутнасць заканадаўства па-беларуску

У 2010 г. уступілі ў сілу новыя арфаграфічныя правілы, замацаваныя ў Законе “Аб беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Праведзеная рэформа, па сваёй сутнасці, – акт корпуснога планавання (нармалізацыі адной з дзяржаўных моваў), закранае правапіс і часткова структурныя марфалагічныя кампаненты. Ва ўмовах актыўнага, ярка выяўленага асіметрычнага білінгвізму, рэалізацыя акту корпуснага планавання прынясе поспех толькі тады, калі ў дзеянне будзе запушчаны механізм статуснага планавання, асноўнай задачай якога павінна стаць рэвіталізацыя асноўных функцый мовы. Першым крокам на шляху забеспячэння абароны мовы часта становіцца замацаванне афіцыйнай моўнай нормы, афіцыйнага моўнага стандарту. Фармальна-юрыдычным спосабам дасягнення гэтай мэты становіцца выданне акадэміяй слоўнікаў і даведнікаў, якія адлюстроўваюць моўныя стандарты, найперш у галіне лексікі і арфаграфіі дзяржаўнай мовы.

Стандартызацыя мовы дазваляе выразна вызначыць адрозненне паміж афіцыйнай і гутарковай моўнай нормай, праводзіць адрозненне паміж арыгінальнымі і запазычанымі словамі, і, хоць непазбежным вынікам гэтага становіцца кансервацыя афіцыйнай мовы, для мэт прававой вызначанасці выданне такіх стандартаў відавочна неабходна. Стандартызацыя мовы дазваляе паралельна вырашыць і шэраг пабочных задач, напрыклад, усталяваць мяжу паміж мовамі і дыялектамі (юрыдычна вырашыць праблему, якая застаецца не да канца вырашанай у лінгвістыцы). У адсутнасць стандартызацыі мовы прававыя нормы, падобныя правілам у Беларусі аб абавязковым выкарыстанні літаратурнай нормы дзяржаўнай мовы, застаюцца ў прававым сэнсе нявызначанымі.

У эталонным банку прававой інфармацыі з прыкладна 200 тысяч нарматыўных актаў толькі 3,1% нарматыўных прававых актаў на беларускай мове. Беларускамоўныя акты малаколькасныя, маюць нязначны з юрыдычнага пункту гледжання тэхнічны характар і невялікія па аб’ёме. Толькі 47 законаў Беларусі на сённяшні час прынятыя і апублікаваныя па-беларуску. Гэта звужае магчымасці тых грамадзянаў Беларусі, што аддаюць перавагу карыстацца актамі дзяржаўных органаў толькі па-беларуску.

Акты дзяржаўных органаў Беларусі прымаюцца толькі на адной з дзяржаўных моваў (арт. 7 Закона “Аб мовах”, ч. 2 арт. 54 Закона “Аб нарматыўных прававых актах”). Само па сабе прыняцце нарматыўнага прававога акта на адной мове не абмяжоўвае правоў грамадзяніна. Немагчымасць карыстацца ўзнікае з-за адсутнасці перакладу тэксту нарматыўнага прававога акта на другую дзяржаўную мову.

Суды, якія сутыкаліся з вядзеннем судаводства па-беларуску, звярнулі ўвагу на такую практычную праблему, як адсутнасць асноўных нарматыўных прававых актаў на беларускай мове. Гэта насамрэч ускладняе вядзенне судаводства па-беларуску ў тых выпадках, калі такія спробы прымаюцца. Справа ў тым, што як асобы, што звяртаюцца ў суды, так і самі суддзі падчас складання судовых пастановаў вымушаны самастойна перакладаць нормы з рускай на беларускую мову. Аднак гэта неправамерна, паколькі цягне за сабой магчымасць розначытанняў. Афіцыйны пераклад НПА, паводле дзейнага заканадаўства, павінен быць зацверджаны адпаведным дзяржаўным органам, службовай асобай у парадку, што ўстаноўлены для прыняцця такога акта.

Рэкамендацыі:

Замацаваць у Законе “Аб мовах” норму, згодна з якой нормы беларускай мовы вызначаюцца ў слоўніках беларускай мовы, правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Парадак зацвярджэння дадзеных слоўнікаў і правілаў як агульнаабавязковых матэрыялаў па выкарыстанні беларускай мовы, а таксама парадак афіцыйнага выдання гэтых матэрыялаў вызначаецца Саветам Міністраў Беларусі; Необходна ўнесці змены ў у ч. 2 арт. 54 Закона “Аб нарматыўных прававых актах” у адпаведнасці з якімі НПА прымаецца (выдаецца) упаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і рускай мовах. Акты дзяржаўных органаў павінны прымацца і публікавацца на беларускай і рускай мовах. Акты органаў мясцовага кіравання і самакіравання павінны прымацца і публікавацца на беларускай і рускай мовах, а пры неабходнасці – і на нацыянальнай мове большасці насельніцтва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

 

  • Адсутнасць спецыяльнага органа (інстытута) па абароне беларускай мовы як дзяржаўнай

У сённяшні час праз недасканаласць заканадаўства і дзяржаўнай моўнай палітыкі беларуская мова на тэрыторыі Беларусі недастаткова распаўсюджана і выкарыстоўваецца не надта шырока. Па-ранейшаму існуюць пагрозы для яе захавання і развіцця. Дзяржаўная моўная дыскрымінацыя беларусаў мае вельмі доўгую гісторыю, якая вымяраецца не дзесяцігоддзямі, а стагоддзямі, што патрабуе неадкладных захадаў па абароне, захаванні і развіцці беларускай мовы з боку дзяржавы.

Рэкамендацыі:

Увесці пасаду Упаўнаважанага па абароне дзяржаўных моваў, якога прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады Савет Міністраў Беларусі; З мэтай забеспячэння належнага кантролю за выкананнем стандартаў дзяржаўных моваў і ўжываннем дзяржаўных моваў стварыць пры Упаўнаважаным па абароне дзяржаўных моў адпаведную Дзяржаўную службу моўных павераных. Дапоўніць Кодэкс Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях артыкулам аб адказнасці за невыкананне законных патрабаванняў моўнага паверанага па спыненні (ліквідацыі наступстваў) парушэнняў заканадаўства аб мовах. Неабходна надзяліць моўных павераных правам складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

 

  • Неабавязковасць прадастаўлення спажыўцу інфармацыі аб таварах (работах, паслугах), інфармацыі аб вытворцах (прадаўцах) на абедзьвюх дзяржаўных мовах

У адпаведнасці з арт. арт. 7, 8 Закона Беларусі “Аб абароне правоў спажыўцоў” інфармацыя аб таварах (работах, паслугах), а таксама інфармацыя аб вытворцах (прадаўцах) прадастаўляецца спажыўцу на беларускай або рускай мове. Агульная моўная сітуацыя яскрава адлюстроўваецца на этыкетках тавараў. Беларускія вытворцы ў асноўным выкарыстоўваюць на этыкетках рускую мову, толькі назоў прадпрыемства, пададзены адным словам, часам можна сустрэць на беларускай мове, усе астатнія звесткі, у тым ліку інструкцыя па выкарыстанні – на рускай мове.

Праз недапрацаванасць моўнага пытання ў Законе “Аб рэкламе” у Беларусі пераважае рускамоўная рэклама, якая складае 80-90% ад ўсёй рэкламнай прадукцыі. Таварныя знакі і этыкеткі адлюстроўваюць агульную сітуацыю, у якой беларуская мова часам адыгрывае сімвалічную, ідэнтыфікацыйную, эстэтычную, але ў абсалютнай большасці выпадкаў не выконвае галоўную — камунікатыўную функцыю.

Інфармацыя на таварах (у тым ліку інструкцыі па эксплуатацыі), а таксама інфармацыя пра паслугі і работы амаль заўжды даводзіцца на адной дзяржаўнай мове. Фармальна гэта адпавядае арт. 13, 30 Закона “Аб мовах”, арт. 5 Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Чэкі ў крамах, уваходныя квіткі ў розныя ўстановы, банкаўскія рэгістрацыйныя чэкі па абмене валют, бланкі паштовых пераводаў (акрамя пячатак) – у абсалютнай большасці на на рускай мове.

Закон “Аб мовах” дае вытворцам права выбару мовы маркіроўкі тавараў, пазначаючы ў арт. 30, што “маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстанні таварамі выконваюцца на беларускай або рускай мове”. Тое самае гаворыць і Закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”, які ў п. 9 арт. 7 “Інфармацыя аб таварах (работах, паслугах)” замацоўвае тую норму, што “інфармацыя, прадугледжаная пунктамі 1–8 гэтага артыкула, на беларускай або рускай мове дакладным і разборлівым шрыфтам даводзіцца да ведама спажыўца ў дакументацыі, якая дадаецца да тавараў (работ, паслуг), на спажывецкай тары (упакоўцы), этыкетках або іншым спосабам, прынятым для асобных відаў тавараў (работ, паслуг)”. Тое самае ў гэтым законе прапісана і ў п. 4 арт. 8 «Інфармацыя аб вытворцах (выканаўцах, прадаўцах)”.

1 лютага 2017 года ўступіў у сілу СТБ 1100-2016, які быў беларускім Дзяржстандартам. Арт. 4 вымагае: “Інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на рускай або рускай і беларускай мовах”. Такім чынам толькі па-беларуску інфармацыю даводзіць нельга, а толькі па-руску — можна. Фармулёўка яўна парушае палажэнне Канстытуцыі аб роўнасці моваў і ўзнікла на падставе Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, у які ўваходзіць Беларусь.

Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза № ТР ТС 005/2011 “Аб бяспецы ўпакоўкі”, прадпісвае, што “інфармацыя павінна быць выкладзена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы-чальца МС пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(ў)-чальца(оў) МС”. Згодна п. 4.1.2 ТР МС “Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі” (ТР ТС 022-2011), “…маркіроўка запакаванай харчовай прадукцыі павінна быць нанесена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы-ўдзельніцы Мытнага саюзу пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(аў)-удзельніцы(аў)…”.

Такім чынам, “або” ў артыкуле аб маркіроўцы Закона “Аб мовах” зводзіць сітуацыю да наступнага: руская мова зараз у маркіроўцы азначанай прадукцыі абавязковая, а беларуская – не.

Спажыўцы, якія жадаюць скарыстацца сваім правам на атрыманне інфармацыі на беларускай мове, часта пазбаўленыя гэтай магчымасці, паколькі закон дапускае пазначэнне неабходных звестак толькі на рускай мове.

Дырэктар філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследванняў беларускай мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі Ігар Капылоў адзначае, што Інстытут мовазнаўства падтрымлівае карэкціроўку п.9 арт.7 і п.4 арт.8 Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”, паводле якой інфармацыя павінна даводзіцца на дзвюх дзяржаўных мовах адначасова. Ігар Капылоў акцэнтаваў увагу на тым, што “ўнясенне дадзеных змен у Закон будзе садзейнічаць забеспячэнню моўных правоў беларускіх спажыўцоў, раўнапраўнаму становішчу Беларусі як самастойнага суб’екта Мытнага саюза, а таксама замацаванню станоўчага міжнароднага іміджу нашай краіны”.

Дадзеныя змены падтрымлівае таксама Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства абароны спажыўцоў”.

Рэкамендацыі:

Сітуацыю дыскрымінацыі беларускамоўных спажыўцоў можна выправіць праз змены ў законе “Аб абароне правоў спажыўцоў” і СТБ 1100-2016, паводле якіх інфармацыя павінна даводзіцца да спажыўца адразу на дзвюх дзяржаўных мовах. Пры такой рэдакцыі закона вытворцы не толькі з Беларусі, але і з іншых краін Мытнага саюза, што рэалізуюць прадукцыю на тэрыторыі Беларусі будуць абавязаны маркіраваць прадукцыю па-беларуску і па-руску, рэалізуючы тым самым норму арт. 17 Канстытуцыі. Неабходныя змены ў закон “Аб рэкламе”, паводле якіх рэклама павінна быць адначасова на дзвюх мовах альбо ўвесці норму аб 50% рэкламы кожнай з дзяржаўных моваў.